Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 4 человека

Беларускія святы

Дата: 21 марта 2018 в 21:43, Обновлено 6 ноября 2018 в 19:46

Святы и абрады беларусаў

    СВЯТЫсукупнасць звычаяў і абрадаў. Узніклі ў першабытнам грамадстве. Былі звязаны з каляндарным (гуканне выясны, грамніцы) ці зямельнымі цыкламі. Падзяляюцца на рэлігійныя, сінкрэтычныя і безрэлігійныя. Рэлігійныя святы – царкоўныя, у прыватрасці хрысціянскія (раство Хрыстова). Сінкрэтычнымі святамі (мелі рэлігійныя і безрэлігійныя элементы) былі традыцыйныя каляндарная народныя святы (каляды, масленіца, купалле і інш.). Да безрэлігійнай часткі народных свят належылі шматлікія гульні, асабліва на каляды, масленіцу, купалле. У час народных свят спявалі народна-каляндарныя і сямейныя песні, выконвалі творы народнай харэаграфіі. У народна-каляндарных святах, асабліва ў калядах, ёсць элемент Народнага тэатра, а рэлігійныя элементы звязаны са старажытна абрадавымі дзеяннямі. Значная частка рэлігійных элементаў з'явілася пад уплывам царквы, якая да народных свят прымыкоўвала хрысціянскія (да каляд раство Хрыстова, да валачобнага свята – Вялікдзень, да купалля – свята Іаана Прадцеча). У другой палове 19 ст.- пачатку 20 ст. роля рэлігійных элементаў у народных святах паступова змяншалася. Некаторыя з іх, асабліва старыя абрадавыя дзеянні, сталі безрэлігійнымі тэатралізаванымі дзеяннямі, святочнай забавай.

      АБРАДЫ – сукупнасць традыцыйных умоўных дзеянняў, што сімвалічна выражаюць і замацоўваюць адносіны людзей да прыроды і паміж сабой, іх паводзены ў важных жыццёвых сітуацыях, якія сістэматычна паўтараюцца. Абрады – састаўная частка традыцыйна-бытавой культуры народа. Утрымліваюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Зарадзіліся ў першабытным грамадстве, калі людзі імкнуліся заклінаннямі ўздзейнічаць на незразумелыя з'явы прыроды.

Абрады былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі і падзяляліся на каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёла гадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзіныя, пахавальныя), грамадскія і царкоўныя.

Большасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходне-славянскай глебе. Старажытная абраднасць ляжыць у аснове калядавання, масленіцы, шчадравання, абрадаў купальскай ночы і інш. Многія абрады звязаны з культам продкаў (дзяды, радаўніца), расліннасці.

Асаблівасць беларускіх абрадаў – перапляценне ў іх аграрна-бытавых, язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў. Царква імкнулася забараніць народныя абрады або прыстасаваць іх да патрэб рэлігійнага культу, асобным абрадам вяселля, радзін, пахавання і інш.. Надаць рэлігійны змест. Абрады ў аснове сваёй захавалі народную спецыфіку і нацыянальны каларыт, суправаджаемыя песнямі, танцамі, замовамі, карагодамі, пераапрананнямі (каза, жораў, дзед і інш.). У іх прысутнічаюць элементы тэатральнага дзеяння. З імі звязана сялянска-абрадавая паэзія.

З цягам часу абрады страцілі першапачатковае значэнне, роля рэлігійных элементаў у іх паступова змяншалася, яны пераходзілі ў разрад гульняў, святочных забаў і захоўваліся пераважна ў вёсцы.

Абрады зямельныя. Цыкал замацованных звычаямі ўмоўных сімвалічных дзеянняў, звязаных з працоўным годам земляроба. Узніклі ў першабытнам грамадстве ў перыяд развіцця земляробства. У сувязі з пастаяннай паўторнасцю сельскагаспадарчых работ і прыстасованасцю іх да пэўных дат або перыядаў земляробчыя абрады прынята называць каляндарнымі. Падзяляюцца на зімовыя - звязаны са святкаваннем каляд, масленіцы, грамніц; вясновыя - гуканне вясны, першы выхад у поле; летнія – звязаны са святкаваннем купалля, зажынак, дажынак; восеньскія – са святкаваннем спаса, багача, пакроваў. Яны напоўнены песнямі, танцамі, шуткамі. Народныя традыцыі надавалі ім сваеасаблівы каларыт і нацыянальную спецывіку.

Многія элементы ў земляробчых абрадах страцілі ранейшае значэнне, бо менш звязаны з вытворчымі працэсамі, элементы міфалогіі ператварыліся ў сімвалы, характэрныя для гульняў. Новы змест і новае афармленне набылі традыцыйныя народныя абрады пачатку і заканчэння веснавых палявых работ. На змену традыцыйнай масленіцы прыйшлі Свята зімы, Праводзіны зімы.

Народныя беларускiя святы

   1. Каляды (к. 25 снежня, п. 7 студзеня)

Калі на Каляды прыгравае, быць зялёнаму году.

Калядныя святы пачыналіся з дня Божага Нараджэння — Раства. Калі першая зорка з’яўлялася на небе, уся сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Стравы на стале былі посныя, абавязкова варылі куццю — кашу з круп. Запаліўшы свечку і памаліўшыся, пачыналі вячэраць. З гэтага дня па сяле хадзілі калядоўшчыкі — юнакі і дзяўчаты, пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, кабылу. Калядоўшчыкі спявалі песні-калядкі, скакалі пад скрыпачку і бубен, у заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.

 2. Грамніцы, альбо Стрэчанне (к. 2 лютага, п. 15 лютага)

Грамніцы — палавіна зіміцы.

Свята сустрэчы зімы і лета. Якое надвор’е на Грамніцы, такая будзе і вясна. Пасля гэтага дня пачыналі рыхтавацца да работ у полі. У царкве ці касцёле асвячалі грамнічныя свечкі. Яны лічыліся ахоўнымі — гаспадар з дапамогай гэтых свечак «асвячаў» хату і ўсю гаспадарку, выпальваючы імі невялікія крыжыкі на дзвярах і варотах. Верылі, што грамнічныя свечкі ратуюць будовы ад удару маланкі. З грамнічнымі свечкамі тройчы абыходзілі свойскую жывёлу на свята Юр'я, іх запальвалі на засеўкі, з імі абыходзілі хаты на Іллю і Багача, сустракалі маладых на вяселлі, дзіцятка на радзінах, клалі ў руку нябожчыку, ішлі шукаць папараць-кветку на Купалле.

 3. Сырны тыдзень, або Масленка (за 8 тыдняў да Вялікадня)

Масленка, масленка, нясі сыру, масла нам, каб зімачка згасла!

Старажытнае язычніцкае свята. У гэты тыдзень праводзяць зіму. Сёння Сырны тыдзень болей вядомы як Масленка. Шмат стагоддзяў у беларусаў сыр быў самым папулярным прадуктам i сiмвалiзаваў нараджэнне новага жыцця. У гэты тыдзень дзяўчаты і хлопцы ладзілі гушканне на арэлях, коўзанне з горак на санках. Верылі, што чым вышэй узляціш на арэлях, чым далей скоцішся з горкі — тым даўжэйшы будзе лён. На Масленку ласуюцца блінамі, спяваюць масленічныя песні.

   4. Гуканне вясны (з 14 сакавіка)

Благаславі, Божа, вясну заклікаці, лета сустракаці!

Першае вясновае свята. Дзяўчаты збіраліся на ўзгорках (каб было бліжэй да неба) і спявалі вяснянкі — песні, у якіх клікалі вясну. Вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла зімы, як на Масленку. Падчас спеваў вяснянак і гукальных карагодаў дзяўчаты падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак — жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы, хутчэй выклікаць надыход вясны.

5. Саракі. 22 сакавіка, дзень, як зараз кажуць, "вясенняга раўнадзенсва". Гэты дзень лічыўся нараджэннем новага года, пачаткам абуджэння зямлі ад зімовага сну. Некалькі назваў мае ен. Найбольш распаўсюджаны - "саракі". Сення існуе некалькі тлумачэнняў, чаму менавіта так. Найбольш верагодным можна лічыць тлумачэнне, звязанае з коранем "рок" (год) - пачатак новага году. Акрамя таго, з гэтага дня пачыналі адлічваць яшчэ 40 дзен, адмечаных маразамі па начах, па заканчэнні якіх можна было пачынаць сеяць - адну з самых важных сельскагаспадарчых спраў на увесь год. Кліматычные ўмовы не дазвалялі памыліцца, пасееш рана - вымерзне, позна - высахне, і можна застацца без збожжа зімой, што было раўнаважна смерці. Таму так уважліва адносіліся нашые продкі да гэтага дню.

6. Камаедзіца. Беларускае народнае свята, звязанае з сустрэчай вясны, лічыцца праявай татэмізму. Уключае ў сябе шэсце пераапранутых з удзелам мядзведзя і святочны абед, імітуюцца звычкі жывёлы. Святкуецца 24 сакавіка перад Дабравешчаннем. Назва свята паходзіць ад камоў (літаральна: есці камы) — сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся ласункам лясной істоты.

  7. Дабравешчанне, або Звеставанне (к. 25 сакавіка, п.  красавіка)

На Дабравешчанне дзеўка касу не пляце, а птушка гнязда не ўе.

Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень прыходзіць вясна. Гэта свята прылёту бусла і ластаўкі. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, а не стаіць. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад «развязвання сахі». Пасля абеду "гукалі вясну". Дзяўчаты збіраліся ля гумнаў і лазняў, забіраліся нават на стрэхі і спявалі вяснянкі. Разводзілі невялікія вогнішчы, вадзілі вакол іх «танкі» (карагоды). Гаспадыні пяклі печыва ў выглядзе птушак. У гэты дзень не дазвалялася працаваць.

   8. Вербніца (апошняя перад Вялікаднем нядзеля)

У гэты святочны дзень у царкве ці касцёле асвячалі галінкі вярбы, неслі іх дадому і злёгку сцябалі імі дамашніх, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі:     Не я б’ю, вярба б’е,

                               За тыдзень — Вялікдзень.

                                                                            Будзь здароў, як вада,

                                                                            А расці, як вярба!

                                                                            Будзь здароў на ўвесь год!                                      Людзі верылі, што такім чынам чалавеку перадаецца моц і прыгажосць гэтага дрэва. Частку асвечаных галінак клалі за бажніцу, утыкалі ў сцены, вокны. На працягу ўсяго года асвячоныя галінкі вярбы выкарыстоўваліся: кожная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову на пашу, злёгку сцябаючы па баках галінкай, з вербачкай селянін выходзіў засяваць поле, садзіць бульбу.

Вярбная галінка была патрэбная падчас першага грому. Каб не баяцца навальніцы, імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы грымоты, гаспадыня запальвала грамнічную свечку, а вербныя галінкі клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары.

Галінкі ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы, каб спаліць у печы і попел рассыпаць па градках.

  9. Вялікдзень.

Гэтае свята лічыцца найвялікшым каляндарным святам. Яно складае выключную адметнасць, самабытнасць беларускага абрадава-святочнага каляндара.На гэта свята сутракалі Новы Год па сонечнаму календару. Святкавалася ў дзень вяснавога раўнадзенства. Потым стала перасоўным ад 4 красавіка да 8 мая. Апошняя нядзеля перад святам была Вербная нядзеля. У царкву заносілі галінкі вярбы, якія асвяшчалі святой вадой. Потым прынасілі дамоў і з'ядалі па аднаму пухірку, каб абараніцца ад маланкі, а рэшткі вярбы захоўвалі да наступнай Вербніцы.

   10. Наўскі Вялікдзень.

Адзначаўся ў чысты чацвер, як частка агульнакаляндарнай традыцыі ўшанавання дзядоў. Гэтае свята больш вядома пад назвай Радауніца(Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўні́цкія Дзяды́, На́ві Дзень) – дзень памінаньня памерлых ва ўсходніх славянаў, на які са старажытных часоў адбываліся трапэзы на магілах бацькоў і блізкіх сваякоў. Назва Наві Дзень паходзіць ад старажытна-славянскага навь – нябожчык.

Праваслаўная Царква ўключыла Радаўніцу ў свой культ.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, заўжды на аўторак. Спачатку ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі. І хоць існуе звычай памінальнай трапэзы, у тым ліку велікоднае яйка пакідаць «для спачылых», Праваслаўная Царква не ўхваляе гэтага звычаю, паколькі лічыцца, што памерлым патрэбна толькі малітва аб упакаеньні душы і добрыя справы ў памяць пра іх.

       11. Юр'я.

    Юр'я – традыцыйнае свята, якое адзначаецца 6 мая (23 красавіка па старым стылі). Гэта адно з найбольш адметных святаў земляробчага календара, абстаўлена шэрагам урачыстых абрадавых дзеянняў. Свята адзначаецца ў гонар Св. Георгія Пераможцы – заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. У хрысціянскія часы ён пераняў рысы і функцыі язычніцкага бога Ярылы. Варыянты назваў свята, прысвечанага гэтаму боству — Ярылавіца, Ярылкі. Веснавы Юрай знаменаваў сабою сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з гэтага дня, як лічылі амаль усюды, пачынае кукаваць зязюля. На Юр'е сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі. З Юр'ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы. Адначасна з апякунствам свойскай жывёлы Юр'я лічыўся валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што Юр'я едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Свята было напоўнена шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер'ямі, прыкметамі апатрапеічнага і заклінальнага характару.

 12. Зялёныя святкi або Сёмуха.

Свята найвышейшага росквіту прыроды. Вядома пад назвай Сёмухі, Тройцы. Святкуецца гэтае свята на семым і восьмым тыдні пасля Вялікадня. Гэтае свята з'яўляецца гімнам маці-прыродзе, сімвалізуе ўласцівае канцу вясны і пачатку лета ўшанаванне зеляніны, дрэў і кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце. Яны – прыроднае атачэнне свята, яго вобразнасць і змест.

Некалі даўно маладыя дзяўчаты  з песнямі хадзілі ў лес. Абіралі там маладыя бярозкі і завівалі паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся такія ўпрыгожаныя вароцікі. Пасля праз іх праходзілі. Даследчыкі кажуць, што гэта такі архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.

  13. Купалле.

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Гэтае свята насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі. Сутнасць гэтага свята засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы, ачалавечаны вобраз жанчыны Купалы і нават яго дочкі. Сёння згодна з праваславным календаром свята адзначаюць у ноч з 6 на 7 ліпеня, каталіцкім – 24 чэрвеня.

З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку "гуляе".

Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці,  якая зацвітае, згодна з павер'ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук "папараць-кветкі" – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.

  14. Дажынкі.

   Дажынкі – старажытнае народнае свята ў беларусаў, звязанае з апошнімі момантамі жніва. Суправаджалася народнымі абрадамі, танцамі, песнямі, чым былі ўдзячныя «духам нівы» за хлеб і заадно прасілі даць урадлівасць і налета.

Дажаўшы жыта, пасля абраду «завівання барады» (закручвалі пук і пакідалі яго) «для птушак» жнеі прыхарошвалі сноп кветкамі, плялі вянкі з каласоў і з песнямі ішлі ў вёску. Прыйшоўшы, аддавалі сноп гаспадарам, за што мелі смачны пачастунак ці падарункі.

Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі напрыканцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей.

У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.

   15. Пакровы.

  Пакроў (Пакравы, Пакрова): 1 (14) кастрычніка — царкоўнае тлумачэнне літаральнае: пакроў (пакрывала) Божай Маці; у народнай трактоўцы паняцце атрымала больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «...рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом»; «Святэй Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.Адзначаліся ад 14 кастрычніка да 27 кастрычніка. На гэтае свята размярковываліся дні паміж дзяўчатамі, а 27 кастрычніка па надвор'ю меркавалі аб характары будучай жонкі, і называлі гэты час Дзівочым летам. Пачынаючы з гэтага свята, моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі.

   16. Дзяды.

  Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў («дзядоў»). У славянскай міфалогіі «дзядамі» таксама называюць душы продкаў. У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя – Восеньскія Дзяды (Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры), яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, Змітраўскія Дзяды і інш.).

У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзяды у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў. Кожны дзень тыдня меў сваё значэнне. Так субота мела быць днём ушанавання дзядоў, усіх памерлых. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу.

  17. Зімовыя святкі.

  Зімовыя святкi. Пачыналіся посля постнай куцці (6 студзеня) і завяршаліся да Вадахрышча (19 студзеня). На гэтае свята адбываліся сапраўдныя тэатралізаваныя беларускія народныя карнавалы. Пачыналіся зімовыя святкі з Каляд (7 студзеня), якія былі ў гонар зімоваго сонцазвароту і каляднага месаеду пасля Піліпаўскага посту. На гэты язычніцкі абрад наслаівалася хрысціянскае свята нараджэнне Хрыстова – свята Раства. Неад'емным рытуалам з'яўляецца ўшанаванне продкаў-дзядоў. Гэтаму прысвячалі тры ўрачыста-шанавальныя куцці: перадкалядная посная, багатая – шчодрая і вадзяная. Гэтая дзея цягнулася ад 25 снежня да 6 студзеня.

Беларускія святы: Каляды

              Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Яно менш звязана з сельскагаспадарчым цыклам, а больш з будовай і рухам сусвету. Першы дзень калядаў – дзень, у які даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння, звычайна прыходзіўся на 23-24 снежня па сучасным стылі, лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. У адрозненні ад сельскагаспадарчага новага года, каторы з’яўляўся пачаткам працы ў полі, на каляды "нараджалася новае сонца", час "паварочваўся на вясну". Новае сонца ўвасаблялася ў вобразе дзіцяці, выкрадзенага лютай вядзьмаркай Зімою, каторая ператварыла яго ў ваўка. Але светлыя сілы, вядома, перамагаюць, гарачыя промні маладога сонца спальваюць ваўчыную скуру, яно вызваляецца з палону цёмных сіл і пакрысе "сталее", з кожным днём набіраючы сіл да вясны.

             Само слова "каляды" мае паходжанне ад лацінскага calendae, "календы" - назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і "каляндар"), а так сама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.

Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашые часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які уносілі у хату ў першы дзень каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год.

           Каляды – свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі – самы цяжкі час для нашых продкаў – было яшчэ далёка. Нават больш – на каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, праць, рыхтаваць дровы – можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды задорам. Працягваліся каляды прыкладна 2 тыдні, да Велесава дня, які прыходзіўся на 6-7 студзеня па сучасным стылі. Асаблівае месца ў святкаванні каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. Пад абрус на стол клалі сена, каторае пасля вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надоеў малака.       

          У кожнай, нават самай беднай, хаце на каляды даставалі з схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы калядаў – куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) – узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ладзілася "посная куцця" - на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Варылі яе таксама незвычайна, а другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і ішла ў свіран за зернем, а старэйшы мужчына – па ваду. Ваду і зерне нельга было чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Нарыхтаванай такім чынам куцці надавалася асаблівае магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя, моцы, удачы. Пачынаў вячэру, як звычайна, гаспадар, акрамя таго за стол так ці інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам. На асобнай талерачцы была і каша дзеля Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго, бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму. Гэты даволі распаўсюджаны звычай захаваўся ў некаторых краінах і па сённяшні дзень - традыцыя ставіць на новы год за акно талерачкі з зернем.

             Другая куцця, тоўстая, багатая, шчодрая – ладзілася праз тыдзень, па часу супадала з сучасным новым годам. Як вынікае з назвы, у гэты вечар на стале былі стравы з мяса разнастайных гатункаў – варанага, смажанага, печанага, каўбасы, вяндліны, куцця са шкваркамі.

Трэцяя куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня, Велесаў дзень, звычайна 6 студзеня па сучасным стылі і называлася “вадзяная”. Магчыма, такую назву яна атрымала пазней, ужо ў хрысціянскія часы, таму што супадала з царкоўным святамвадохрышча. Але есць верагоднасць, што за два тыдні святкавання ды набівання страўнікаў, запасы значна памяншаліся і каша на вадзе – бадай, адзінае, чым можна было частаваць гасцей пад канец каляд.

             Немагчыма ўявіць сабе каляды без містрэрыі. Яна пачыналася ў першы ж дзень і скончвалася апошнім. У час зімовага сонцастаяння, як і астатнія такія ж даты, дзеля нашых продкаў адчыняліся дзверы паміж светам існасці і мроі, жывых і памерлых, усё было прасякнута чароўным і небяспечным духам таямніцы. Час лічыўся спрыяльным дзеля ведзьмароў ды нячысцікаў,што насылалі на зямлю траскучыя маразы, але ж таксама і дзеля варажбы, заклёнаў ды абярэгаў. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята і да сённяшняга дня заўжды застаецца радасным, велічным і аптымістычным.

           На каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і калі спадабаецца ім вячэра – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах.

           Нельга не узгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя – увасабленне Велеса, карову, казу, каня – сымбалі дастатку, багацця, бусла – што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чым часцей узгадваліся розныя магічныя формулы, тым больш дзейснымі яны лічыліся. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека баствам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі ўскруг іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае.

            Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. Пераапрананне ў маскі мела не толькі рэлігійнае значэнне, але і псіхалагічнае. Чалавек, апрануўшы маску, ужо лічыўся быццам не самім сабою, і мог дазволіць сабе шмат больш, чым прыпісвалі строгія парадкі, асабліва ў часы хрысціянства.

А яшчэ на Каляды абавязкова варажылi. З першай куццёй – на ўраджай, а пасля – на жаніцьбу ды прыплод хатняй жывёлы – каго што больш цікавіла. Кідалі на дарогу чаравікі, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню.

           Вельмі распаўсюджанымі былі ў гэты час “жартоўныя” жаніцьбы, своеасаблівыя гульні, якія мелі мэтай пазнаёміць моладзь, стварыць спрыяльныя абставіны дзеля стасункаў. Прыкладам такога роду гульняў з'яўляюцца аналагі “ручайка”, усе магчымыя “даганялкі” хлопцамі дзяўчат, “баяры” і іншые. У атмасферы гульні, “несапраўднасці”, гумару моладзь знаёмілася ды разбівалася па парах значна ахвотней, і вельмі часта здаралася, што складзеныя пад час калядных гульняў пары летам ці пад восень ладзілі сапраўднае вяселле.

            У некаторых мясцінах ладзілі адмысловы “конкурс прыгажосці”. “Міс каляды” звычайна станавілася самая тоўстая маладуха, якая ўвасабляла сабой шчодрасць, багатую колькасць ежы і ўвогуле багацце, здароўе.

Другі дзень каляд традыцыйна лічыўся днём, калі заканчваўся тэрмін службы наёмных работнікаў. У гэты дзень гаспадар расплачваўся з работнікам, яны абменьваліся ўражаннямі адзін пра аднаго, выказвалі, калі тыя былі, сваю незадаволенасць і крыўды. Пасля гэтага вырашалі ўсе свае канфлікты, раіліся як быць, публічна мірыліся, каб не несці цяжар крыўды ў новы год і дамаўляліся на наступны год альбо разыходзіліся кожны сваім шляхам. І зараз людзі стараюцца вырашыць старыя канфлікты і набліжэнне новага году – лепшы час каб пакінуць спрэчкі ў мінулым.

            На працягу калядных тыдняў сярод больш старэйшага пакалення было звычайна хадзіць у госці да родных і сяброў. Частавалі гасцей звычайна каўбасамі, стравамі з мяса, птушкі, рыбы, гарэлкай.

          У апошні вечар каляд, на трэцюю куццю, праводзіўся абрад “запісвання” каляд. Гаспадар крэйдай маляваў крыжы на усіх дзвярах, каб нячыстая сіла, што ўцякла пад час вясёлага свята, не змагла прабрацца ў хату ці хлеў. Так заканчвалася самае вясёлае і самае любімае нашымі продкамі свята.

БЕЛАРУСКІЯ  СВЯТЫ:  ГУКАННЕ  ВЯСНЫ      

       Гуканне вясны — старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Яно традыцыйна суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.

       Гуканне вясны пачыналася 14 сакавіка (1 па старому стылю) . У поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу.

        Хлопцы збіралі з усяе вескі розную старызну і зносілі іх у адно месца і распалівалі вогнішча. Вясна бачылася нашым продкам часам новага ўваскрэсення, святам пачатку новага года, лета. Нараджэнне новага магчыма толькі праз адміранне старога. Таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гаканнямі.

        Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы — прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, зэяўленне якой звязывалі з прылетам птушак з выраю і таму іх клікалі-гукалі: 

Жавароначкі, прыляціце - у-у-у-у!

Вы нам лецейка прынясіце - у-у-у-у!

А зімачку забярыце - у-у-у-у!

Бо нам зімачка надаела - у-у-у-у!

Усе хлебушкі пераела - у-у-у-у! 

   Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на ўзгорках суправаджаліся подкідваннем уверх печыва ў выглядзе жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было вызваць хутчэйшы надыход вясны.

БЕЛАРУСКІЯ  СВЯТЫ:  КУПАЛЛЕ

      У ноч з 6 на 7 ліпеня (23 - 24 чэрвеня па старым стылi) ў Беларусі адзначаецца адно з найбольш яскравых і паэтычных святаў – Купалле. Час яго святкавання – гэта «макушка» лета, час найважнейшага росквіту прыроды. Для селяніна пасля Купалля пачыналася самая адказная і гарачая пара – сенакосу і жніва. У аснове ўсёй купальскай абраднасці ляжыць пакланенне нашых прашчураў сонцу (агню), вадзе і расліннасці.

      Напярэдадні свята, вечарам моладзь ладзіла масавае шэсце па вуліцах вёскі. Усе ўпрыгожвалі сябе зелянінай, дзяўчаты – вянкамі, запальвалі доўгія шасты і з песнямі, крыкамі падыходзілі да кожнай хаты, запрашаючы ўсіх на Купалле.

      Цэнтральнае месца, вакол якога разгортвалася свята, займаў рытуальны агонь. Свята пачыналася з распальвання вогнішча, у сярэдзіну якога ў гонар жыццядайнага сонца ўстаўляўся высокі шэст з драўляным абсмаленым колам і прывязаным да яго жытнёвым снапом.

     Усю ноч ля купальскага агню гучалі песні, ладзіліся карагоды, гульні. Хлопцы і дзяўчаты скакалі праз вогнішча паасобку, накрыж і парамі, купаліся ў вадзе, каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл, спальвалі іх выяву – ведзьму. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі (абавязкова яешняй), варажылі, плялі вянкі.

      Вянкі пляліся розныя: у адных месцах – толькі з кветак, у іншых – разнаквецце дапаўнялася галінкамі дуба, клёна, бярозы, сасны, елкі. Адны вянкі прызначаліся для таго, каб надзець на галаву або павязаць на пояс, з другімі – вялікімі, доўгімі і тоўстымі – дзяўчаты вадзілі карагоды. Зарукай моцнага кахання быў вянок, пакладзены ў карагодзе хлопцам ці дзяўчынай на галаву каханаму. Дзяўчаты кідалі вянкі праз вогнішча. Той з хлопцаў, што кахаў дзяўчыну ці хацеў ажаніцца, кідаўся выхапіць вянок з полымя. Мог і моцна апячыся, але усё ж выхопліваў, дэманструючы моц кахання.

     Заканчвалася свята ўсеагульным купаннем у рацэ і пусканнем вянкоў на ваду са словамі «Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак». Па тым, як рухаўся вянок, прадказвалі сваю будучыню: калі ен адразу на дно пойдзе – не быць замужам у гэтым годзе, калі ж паплыве далёка і роўна – быць шчасліваму замужжу.

      Усе ведаюць легенду, паводле якой у купальскую ноч нiбы расцвітае кветка папараці, і той, хто яе адшукае, можа авалодаць усімі зямнымі скарбамі: будзе багаты і шчаслівы, атрымае дар разумець мову звяроў, птушак, дрэў, раслін. Але здабыць яе вельмі цяжка: у самую поўнач, калі яна павінна раскрыцца, прыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, грыміць гром, і таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца ўсяляк перашкодзіць задумам чалавека. Каму ўдавалася сарваць кветку, павінен быў не аглядваючыся ісці дадому і не звяртаць увагі ні на пагрозы, ні на зманлівыя абяцанні, якімі ведзьмы імкнуліся прымусіць чалавека азірнуцца. Інакш кветка ў адзін момант прападзе.

      Паводле народных уяўленняў, папараць-кветка зацвітае на адно імгненне, пялёсткі яе гараць як агеньчыкі. Стаць уладаром яе вельмі цяжка, бо варожыя сілы увесь час ладзяць на шляху шукальнікаў кветкі шчасця непераадольныя выпрабаванні. Часцей за ўсе смяльчак гіне. Але без ўсякіх цяжкасцяў збірае гэтыя кветкі добры купальскі дзядок, кошык яго з кветкамі гарыць як жар. Калі раптам сустрэнешся з ім, трэба паслаць белы абрус, куды ен кіне кветку. Як мага хутчэй трэба схаваць яе пад скуру рукі, разрэзаўшы далонь.

     Не адно стагодзе наші продкі спрабавалі знайсьці чароўную кветку. Можа, паспрабаваць дасягнуць жаданай мары, вышыўшы гэту таямнічую папараць-кветку?

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.